Рэжу гісторыю сабой. Верши i калажы
Юля Цімафеева (Verfasser)
Buch/Hardcover
Beschreibung
Двухмоўная кніга, якая спалучае ў сабе калажы і вершы Юлі Цімафеевай, выйшла ў берлінскім выдавецтве «Edition Frölich» у верасні 2025 года. Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, якая з палітычных прычын пакінула родную Беларусь у канцы 2020 года, нечакана для самой сябе пачала займацца папяровымі калажамі летам 2024-га ў Гамбургу. Спачатку гэта была забава і гульня: выразаць амаль выпадковыя элементы з часопісаў ды старых кніг і злучаць іх разам у абсурдныя кампазіцыі, але з часам ёй стала відавочнай метафара, якая стаяла за гэтым заняткам. У эміграцыі ты, выразаная нажніцамі гісторыі з добра вядомага кантэксту, мусіш прызвычайвацца да існавання ў нязвыклых абставінах і шукаць сэнс там, дзе, падаецца, раней яго быць не магло, знаходзіць новую мову для азначэння сябе і абставін, а заадно помсціць паперы, якая стала прычынай і часам увасабленнем выгнання ў выглядзе пашпартоў, дазволаў і даведак. Вершы ў гэтай кнізе – ілюстрацыі да выяў. Кароткія і лаканічныя, яны яшчэ адзін элемент кампазіцыі, але ў іншым вымярэнні. Нічога не тлумачачы, яны толькі намякаюць на магчымае прачытанне.